Выйшаў на волю журналіст Арцём Сізінцаў



Выйшаў на волю сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Арцём Сізінцаў, журналіст-фрылансер, які рыхтаваў матэрыялы для нашага радыё. 

У Віцебску яго затрымалі перад пачаткам акцыі да Дня Волі, а суддзя Валянціна Міхасёва не звярнула ўвагі на відэаматэрыялы, якія пацвярджаюць невінаватасць журналіста. Не пагадзіўся з прысудам і сам Арцём Сізінцаў:

– На судзе яскрава было бачна на відэа, якое здымалі самі супрацоўнікі міліцыі, што я займаюся менавіта журналісцкай дзейнасцю. Тым не меньш, мяне асудзілі за выкрыкванне антыдзяржаўных лозунгаў, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. 10 сутак не сказаць, што праляцелі. Але гэта можна вытрымаць. Вялікую ролю адыграў досьвед вандровак, калі ты спіш у лясах, у пераходах, на вакзалах, у цягніках. Падтрымку адчуваў моцную, бо прыходзілі лісты, паштоўкі ад людзей, хоць і з затрымкай, але прыходзілі. Гэта было вельмі прыемна.

У Віцебскім ізалятары часовага ўтрымання яшчэ знаходзяцца два сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў. Леанід Свецік і Кастусь Мардвінцаў за ўдзел у акцыях да Дня Волі адбываюць 15-суткавыя арышты. Яны павінны выйсці на волю 10 красавіка.

– У віцебскім ізалятары застаюцца людзі, якім далі па дванаццаць, трынаццаць, пятнаццаць сутак, таму яны яшчэ не выйшлі, яны яшчэ застаюцца за кратамі.

РР: Ці адчувалі вы падтрымку знаходзячыся за кратамі?

– Велізарную падтрымку адчуваў, атрымаў шмат лістоў, паштовак. Яны праўда даходзілі праз тры-чатыры дні, як атрымлівалася. Велізарная падтрымка, за што зараз хачу падзякаваць усім, хто падтрымліваў мяне ды іншых вязняў.

Арцём Сізінцаў быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту ў Віцебску. Арцёма затрымалі 25 сакавіка, у суботу. Два дні трымалі ў ізалятары, а судзілі ў панядзелак. Справу разглядала суддзя Валянціна Міхасёва.

Як паведаміла сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Алёна Сцяпанава, віцебскія сябры БАЖ Леанід Свецік і Кастусь Мардвінцаў, напэўна, адчуваюць падтрымку сваіх калегаў з волі, і меркавана будуць абскарджваць свае прысуды пасля таго, як выйдуць на волю:

– Зараз за кратамі знаходзяцца менавіта тыя, хто арыентаваны на праваабарончую тэматыку, уласна праваабаронцы Леанід Свецік і Кастусь Мардвінцаў супрацоўнічаюць з праваабарончым сайтам. Я думаю, што яны будць абскарджваць прысуды. Журналісты Віцебска, Воршы, Полацка накіравалі ім шэраг паштовак з самымі добрымі словамі пра тое, што іх чакаюць на волі. І Арцём Сізінцаў, які сёння выйшаў на волю, паведаміў, што гэтыя паштоўкі даходзяць да вязняў за краты і моцна іх натхняюць.

“Беларуская асацыяцыя журналістаў” у адмысловай заяве адзначае, што ў сакавіку беларускія незалежныя медыя сутыкнуліся з надзвычайным ціскам і рэпрэсіямі з боку ўладаў. Усяго за адзін месяц зафіксавана  123 выпадкі парушэння правоў журналістаў, звязаных з выкананнем імі прафесійнай дзейнасці.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]