Выкананы чарговы смяротны прысуд



Смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву прыведзены ў выкананне. Прадстаўнікам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” стала вядома пра прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава. Ягоная маці атрымала адпаведнае паведамленне з Гомельскага абласнога суда.

Каментуе актывістка кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Паліна Сцепаненка:

– Сяргей Вострыкаў кладзецца ў такую класічную схему серыйнага забойцы – гэта людзі, якія з асаблівасцямі псіхікі. Было б зразумелым, калі б чалавек знаходзіўся на пажыццёвым зняволенні, якое ёсць у нас, як альтэрнатыва смяротнаму пакаранню. З ім бы працавалі людзі, якія проста вывучалі псіхалогію серыйных забойцаў, бо забіўшы Вострыкава мы не забіваем праблему, якая існуе.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

34-гадовы Сяргей Вострыкаў быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання ў траўні 2016 года па абвінавачванні ў жорсткім забойстве дзвюх жанчын, згвалтаванні і выкраданні. У кастрычніку 2016 года Вярхоўны суд пакінуў смяротны прыгавор без зменаў. Справа слухалася ў закрытым рэжыме.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя