Выканкам не прызнае факт расстрэлаў у Воршы



Аршанскі раённы выканаўчы камітэт адмовіў сваякам расстраляных у Воршы ў вызначэнні месца для памятнага знака ахвярам сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў у сувязі з „адсутнасцю архіўных дакументаў”.

Адказы, падпісаныя намеснікам старшыні выканкама Алегам Смірноўскім і выконваючым абавязкі старшыні Міхаілам Дудко, атрымала большасць сваякоў, якія звярнуліся ў выканкам.

У тыповых адказах гаворыцца: „звестак пра месцы расстрэлу ахвяр палітычных рэпрэсій на тэрыторыі Аршанскага раёну не маецца. З-за адсутнасці архіўных дакументаў, якія афіцыйна пацвярджаюць факт расстрэлу ахвяр палітычных рэпрэсій, ўсталяваць дакладнае месца і асобы пахаваных там людзей не ўяўляецца магчымым. Пры наяўнасці архіўных звестак, якія афіцыйна пацвярджаюць факты, выкладзеныя ў звароце, будзе вызначанае месца для ўшанавання памяці ахвяр палітычных  рэпрэсій у  Воршы „.

Індывідуальныя і калектыўныя звароты ў Аршанскі райвыканкам накіравала больш за 15 сваякоў расстраляных з Беларусі, Расеі, Швецыі і Італіі. Яны прасілі вызначыць месца для ўстаноўкі знака ў памяць пра рэпрэсаваных у Воршы. Сам знак яны гатовыя ўсталяваць за свае сродкі.

Сваякі расстраляных прыклалі да лістоў копіі дакументаў з указаннем, што іх родныя расстраляныя ў Воршы, а таксама публікацыі з “Аршанскай газеты” пачатку 90-ых гадоў, дзе гаворыцца пра адкрыццё гарадскімі ўладамі памятнага знака на месцы масавых расстрэлаў на Кабыляцкай гары. Але для чыноўнікаў гэтых дакументаў аказалася недастаткова.

19 траўня сваякі расстраляных патэлефанавалі на „прамую тэлефонную лінію” в.а намесніка старшыні райвыканкама Міхаілу Дудко з тым жа пытаннем пра мемарыял, але пачулі той жа адказ пра адсутнасць архіўных дакументаў.

Беларускае Радыё Рацыя