Выхавацельку асудзілі за каментар двухгадовай даўніны пра міліцыянта



У Баранавічах выхавацеля дзіцячага садка першай катэгорыі Святлану Анціпкіну асудзілі на паўтара года „хатняй хіміі” за каментар у дачыненні да міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага, які апынуўся на зямлі падчас правакацыі на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Гародні 29 траўня 2020 года. Прысуд быў вынесены 6 траўня, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Паводле абвінавачання, Святлана ўбачыла ў „Аднакласніках” фота ўчастковага, які напярэдадні пры затрыманні Ціханоўскага ва ўзніклай бойцы апынуўся на зямлі. Жанчына пакінула пад запісам каментар, які, на думку абвінавачання, быў абразлівым і змяшчаў ненарматыўную лексіку, а таксама паставіла запісу адзнаку „клас”, тым самым размясціла яе на сваёй старонцы. Абвінавачанне Святлане было прад’яўлена па артыкуле 369 аб абразе супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Пацярпелы міліцыянт на допыце ў судзе заявіў, што падчас затрымання да яго ўжылі гвалт, ён трапіў у лякарню, а на наступны дзень яму ў розных сацсетках прыйшло больш за тысячу паведамленняў з абразамі.
Святлана Анціпкіна на судзе прызнала віну і раскаялася, сказала, што не ўсведамляла наступстваў, што ўжо не раз перапрашала перад пацярпелым. За дзень да суда яна пералічыла пацярпеламу 800 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. На паседжанні, дарэчы, было абвешчана, што па месцы працы Анціпкінай выдалі негатыўную характарыстыку з-за „выказанай нязгоды з канстытуцыйным ладам”.

Пракурор запытваў для жанчыны спачатку 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, але пасля таго як пацярпелы адклікаў пазоў аб пакрыцці маральнай шкоды і заявіў, што Анціпкіна ўжо кампенсавала шкоду, змяніў запыт на 1,5 гады той жа „хатняй хіміі”. Суддзя Юліяна Шчэрба пагадзілася з такім тэрмінам.