Вынесены прысуд паштальёну Вадзіму Цагельніку



Суд Маскоўскага раёна Мінска 2 лістапада вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да былога паштальёна  Вадзіма Цагельніка. Ён абвінавачаны адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК).

Справу разглядала суддзя Лідзія Целіца, дзяржабвінаваўца – пракурор Яўген Серакоў.

З матэрыялаў следства вядома, што 21-гадовы Вадзім Цагельнік, з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт пры дапамозе ноўтбука і некалькіх мабільных тэлефонаў, прадпрымаючы пры гэтым канспіратыўныя меры, ажыццяўляў дэструктыўную дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадстве: заклікаў да масавых беспарадкаў, якія пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту.

19 кастрычніка, пракурор запрасіў суд вынесці абвінаваўчы прысуд, паколькі лічыць, што віна даказаная цалкам, зыходзячы з паказанняў, Цагельнік пакідаў каментар абразлівага характару, што пацвярджаецца матэрыяламі справы.

Па артыкуле 369 КК таксама прызнаць вінаватым. Абцяжарваючыя абставіны –  наяўнасць ранейшай судзімасці.

Такім чынам, за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК) – тры гады пазбаўлення волі, па артыкуле па 369 (абраза прадстаўніка ўлады) – паўтара года абмежавання волі (“хімія”).

Сумарна, шляхам частковага складання прызначыць тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, меру стрымання змяніць і заключыць пад варту.

Суддзя Лідзія Целіца вынесла прысуд згодна з прапановай абвінавачвання: пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады. Ён узяты пад варту ў залі суда.

spring96.org