Вынесены прысуд жанчыне, што выкінула з акна 9-месячную ўнучку



У Магілёве вынеслі прысуд жанчыне, якая выкінула з акна 9-месячную ўнучку.

31-га студзеня дзяўчынку ў снежнай гурбе каля дома ўбачылі выпадковыя мінакі. Дзіця было апранутае толькі ў паўзункі і лёгкую кофтачку.

Дзяўчынка праляцела каля 13 метраў і цудам выжыла: яна атрымала лёгкія цялесныя пашкоджанні і пераахаладжэнне, бо на вуліцы было 11 градусаў марозу. Але на вялікае шчасце, сур’ёзных траўмаў дзіцё тады не атрымала і цяпер развіваецца без праблемаў.

На судзе абвінавачаная бабуля дзяўчынкі распавяла, што каля пяці гадоў таму пачала злоўжываць спіртным: пасля смерці мужа. Сваю схільнасць яна спрабавала схаваць ад родных, аднак яны ўсё ведалі і нават прасілі яе прайсці лячэнне. Абвінавачаная сваю віну прызнала цалкам. Яе прызналі вінаватай у замаху на забойства заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю.

Жанчына асуджаная на 11 гадоў агульнага рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя