Вынесены прысуды шасці хлопцам за надпісы на помніку Леніну ў Дамачаве



Суд Берасцейскага раёна 8 красавіка вынес прысуды шасці маладым людзям за надпісы на помніку Леніну ў пасёлку Дамачава.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, хлопцаў, малодшаму з якіх 17 гадоў, старэйшаму — 19, прызналі вінаватымі ў злачынстве, прадугледжаным часткай 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання).

Адзначаецца, што падставай для затрымання стала нанясенне імі фарбай надпісаў „3%”, „Сыходзь”, „Жыве Беларусь!” на помніку Леніну ў жніўні 2020 года. Спачатку вытворчасць у дачыненні да аднаго з абвінавачаных вынеслі ў асобную справу, як мяркуецца, таму, што малады чалавек пастаянна пражывае за межамі Беларусі. Але на судзе 23 сакавіка было вырашана гэтыя справы аб’яднаць, а шостага абвінавачанага выклікаць у суд.

Суддзя Сяргей Маручак прызначыў Яраславу Бураку тры месяцы арышту. Зараз ён праходзіць службу ў войску, якую працягне пасля таго, як адбудзе пакаранне на гаўптвахце ў Менску. Гэты тэрмін не будзе залічаны ў тэрмін службы.

Дзмітрыя Харса асудзілі на месяц арышту.

Кірыл Бекіш і Дзяніс Чарныгін засуджаны да 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію, Аляксандр Нікіцін і Уладзіслаў Цярэшка — па 1,5 года абмежавання волі па месцы жыхарства.

belapan.by