“Вёска, якая не павінна знікнуць”



У Вербную нядзелю асвячаную вярбу атрымалі і немабільныя людзі. Праект “Вёска, якая не павінна знікнуць” напярэдадні свята зладзіў у вёсцы Гутава Драгічынскага раёна майстар-клас па ўпрыгажэнні святочных галінак. На Вербніцу аздобленую вярбу асвяцілі ў царкве, а затым развезлі старым, што не змаглі самі прыйсці на службу.

Пра ахоп акцыі на суботнім майстар-класе сказала каардынатар праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” Людміла Карнеева:

– На жаль, не ўсе прадстаўнікі мэтавай групы змаглі сюды прыйсці і не змогуць пайсці ў царкву. Сённяшнія майстар-класы прысвечаны менавіта вёсцы Сорацні. А яшчэ ёсць немабільныя бабулі ў Вавулічы, ёсць такія ў Агдэмеры.

Акцыя тычылася пілотнай тэрыторыі праекта, якая ахоплівае пяць вёсак былога Гутаўскага сельскага савета. Мэтавая аўдыторыя “Вёскі, якая не павінна знікнуць” – былыя вязні нямецкіх лагераў і прымусова вывезеныя ў Нямеччыну работнікі, а таксама ўсе, хто нарадзіўся раней за канец другой сусветнай вайны.

Праект рэалізоўвае грамадскае аб’яднанне аматараў мастацтва “Тур” пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонда “Памяць. Адказнасць. Будучыня” і грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне”.

Фота з майстар-класа па ўпрыгажэнні вярбы.

Алеся Лугавая, фота аўтаркі