Выпускнікі прыносяць да віцебскіх школ граматы і медалі, бо лічаць сябе падманутымі
Недавер да былых настаўнікаў выкліканы тым, што яны працавалі ў выбарчых камісіях і сфальсіфікавалі вынікі выбараў.
Мець узнагароды ад такіх настаўнікаў ганебна, лічыць выпускніца віцебскай школы №12:
– Мы лічым бессэнсоўным захоўваць у сябе граматы, дыпломы, падарункі ад школы, якая страціла нашы галасы. Якая паставіла подпісы пад фальшывымі дакументамі. І тым самым гэтыя людзі проста здрадзілі народу.
Каля гімназіі №7 былыя і цяперашнія вучні, а таксама іх бацькі зрабілі перфоманс “Пахаванне галасоў выбаршчыкаў Першамайскага раёна”, паведаміла праваабаронца Ірына Траццякова:
– Гэта ўскладанне вяночкаў, кветак, лампадку запалілі. Прыносілі граматы, дыпломы, дзённікі, медалі. У сувязі з тым, што дырэктар гэтай школы – старшыня выбарчай камісіі Першамайскага раёна, гэта 71 выбарчы ўчастак.
Падобная акцыя адбылася і каля сярэдняй школы №45. Людзі прынеслі да школы свае колішнія ўзнагароды і сталі каля школьнага плота з плакатамі “Ганьба здраднікам, якія скралі нашы галасы” і “Прывітанне з аўтазака. Вашы выпускнікі”.
[Not a valid template]
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя
[manual_related_posts]