Выпускніцу юрфака катуюць на Акрэсціна за прамову на выпускным



З’явіліся падрабязнасці знаходжання за кратамі выпускніцы юрыдычнага факультэта БДУ Кацярыны Віннікавай, асуджанай за прамову на выпускным вечары.

29 чэрвеня на ўручэнні дыплома яна падзякавала юрыстам, з якіх брала прыклад, у тым ліку палітвязню Максіму Знаку. За гэта дзяўчыне прысудзілі 15 сутак зняволення.

Тым часам Тэлеграм-канал Law Verum сцвярджае, што атрымаў сведчанні чалавека, які перасякаўся з Кацярынай у зняволенні. Сцвярджаецца, што Кацярына была ў шоку ад таго, што яе затрымалі. На яе склалі два адміністрацыйныя пратаколы – за непадпарадкаванне і супраціў. 5 гадзінаў яна знаходзілася у РУУС у клетцы 1 на 3 метры з дзвюма бяздомнымі жанчынамі. У ізалятары ёй не далі матрац і адначасова забралі іх у непалітычных арыштантаў. У камеры холадна, пастаянна гарыць святло, на поўную гучнасць уключаюць пап-музыку.

Наконадні лідар НАУ Павел Латушка, таксама выпускнік юрфака, выказаўся ў падтрымку Кацярыны Віннікавай.

Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL ужо размясціла ў сваім тг-канале поўныя біяграфічныя дадзеныя суддзі Марыны Клімчук, якая адправіла Кацярыну адбываць суткі. Вынікае, што раней Клімчук працавала адвакаткай, а суддзёй стала ў мінулым кастрычніку. За гэты час яна прызначыла 12 865 рублей штрафаў і 1096 сутак адміністарцыйных арыштаў.

Беларускае Радыё Рацыя