Выпускны „Мовы нанова” ў Гародні



На апошні занятак перад летнімі канікуламі курсаў “Мова нанова” ў Гародні завітала амаль тры дзясяткі чалавек. Заняткі адрозніваліся інтэлектуальнымі гульнямі і віктарынай, у час якіх кожны з удзельнікаў мог атрымаць прызы і падарункі.

Чым быў адметны вучэбны семестр? Распавядае вядоўца курсаў Інга Сакута:

– У гэтым сезоне вельмі прыемна было бачыць у гасцях Івана Кірчука з ягоным монаспектаклем. Прыйшло вельмі шмат людзей. Таксама прыемна было пабачыць Ігара Варашкевіча – лідара гурту “Крама”. Ён, як мне здаецца, сам не чакаў, што Гародня яго так цёпла ўспрыме, што столькі людзей збярэцца. Гэта найбольш яскравыя моманты. Прыемна, што нашы людзі цікавяцца і мовай, і беларускай культурай. Менавіта найбольшую цікавасць выклікалі ў нашых слухачоў заняткі, звязаныя з тэмай культуры, беларускай гісторыі.

Госцем выпускных заняткаў для гарадзенцаў стаў музыка і журналіст Яўген Валошын, які вельмі шчыра прызнаўся ў сваіх сентыментах да горада над Нёманам.

– Гародня – асаблівы горад, звышінтэлігентныя людзі. Я нават пабаяўся спяваць некаторыя песні, шчыра кажучы. Мяне здзівіў некалі горад Беласток, калі ў мясцовым оперным тэатры мы гралі канцэрт, і пасля выканання песні ніхто не пляскаў у далоні. Мы былі ў шоку. А пасля, у канцы канцэрта, раптам людзі паўставалі і пачалі пляскаць. Гэта і ёсць паказчык інтэлігентнасці, пэўнай культуры. Вось асаблівае ёсць і ў Гародні на курсах “Мова нанова”.

Апроч выканання сваіх песень, Яўген Валошык прэзентаваў гарадзенцам ток-шоу “Кожны з нас”. Пасля выступу музыкі і журналіста прысутных чакалі прысмакі і цукеркі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня