Выратаваны са Свіслачы хлопчык пераведзены з рэанімацыі



Дзевяцігадовы Антон Драздоўскі, які ледзь не патануў у Свіслачы 28 кастрычніка і выратаваны 15-гадовым хлопцам, пераведзены з рэанімацыі ў кардыялагічнае аддзяленне, паведаміла БелаПАН намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 2-й дзіцячай гарадской клінічнай бальніцы Менска Ала Бягун.

„Хлопчык сам ходзіць, есць, кантактуе з аднагодкамі, — сказала яна. — Самаадчуванне у яго здавальняючае, а стан на сёння ацэньваецца як сярэдняга цяжару”.

Зараз дзіця знаходзіцца на рэабілітацыі, у тым ліку праходзіць курс баратэрапіі. Яго наведваюць сваякі. Паводле слоў Бягун, пра выпіску на гэтым тыдні казаць яшчэ рана.

28 кастрычніка хлопчык разам з аднакласнікам гуляў на набярэжнай ракі Свіслач паблізу вуліцы Даўмана. Паводле слоў аднакласніка, Антон паслізнуўся і ўпаў у ваду, пасля чаго пачаў тануць. Дзіця выратаваў 15-гадовы Віталь Цітоў, навучэнец першага курса Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 аўтамабілебудавання. Ён дастаў яго з вады і перадаў работнікам хуткай дапамогі. Хлопчыка даставілі ў бальніцу ў цяжкім стане. Дзіця падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, яно знаходзілася ў стане медыкаментознага сну.

Як паведаміў 29 кастрычніка тэлеканал ОНТ, асобу школьніка ўсталявалі толькі праз некалькі гадзін, тады ж знайшлі і бацькоў. „Паводле некаторых даных, яны спалі дома па вуліцы Бурдзейнага, — гаварылася ў тэлерэпартажы. — Сям’я, у якой, дарэчы, трое дзяцей, некалькі гадоў лічылася ў спісах непаспяховых. Раней сацыяльныя службы нават забіралі Антона ў бацькі і маці. Вось і гэтым разам, паведамляецца, бацькі хлопчыка былі п’яныя”.