Вырак за распаўсюд парнаграфіі 7 гадоў таму



Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 24 ліпеня прызнаў мясцовага жыхара вінаватым у размяшчэнні відэаролікаў з элементамі парнаграфіі ў сацыяльнай сетцы сем гадоў таму.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў усталявалі, што ў акаўнце жыхара Магілёва ёсць некалькі відэаролікаў, у якіх прысутнічаюць элементы парнаграфіі. Больш за тое, у парнаграфічных сюжэтах праваахоўнікі ўбачылі непаўналетніх. Усе відэаролікі былі выкладзеныя ў адну з сацыяльных сетак у 2010—2011 гадах.

Разгледзеўшы матэрыялы справы, суд прызнаў мужчыну вінаватым на падставе ч. 2 арт. 343 (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару), ч. 2 арт. 343-1 (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга) Крымінальнага кодэкса і прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Акрамя таго, асуджаны павінен выканаць грамадска-карысныя працы на працягу 60 гадзін. Мера стрымання пакінутая ранейшай — падпіска аб нявыездзе.

Асуджаны не лічыць прысуд справядлівым, хоць і не адмаўляецца, што размяшчаў відэаролікі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. „Гэта ўсё было ў 2010—2011 гадах. Тады за гэта нават не каралі”, — заявіў ён, растлумачыўшы, што ў сюжэтах прысутнічалі знятыя на вечарынках голыя людзі, якія „пілі, курылі”.

belapan.by