Высланага з Беларусі кубінца, які ўдзельнічаў у пратэстах, эвакуявалі ў Літву



Высланага з Беларусі кубінца, які ўдзельнічаў у пратэстах, эвакуявалі ў Літву.

„Рабэрта Вальдэс Касануэва завяршыў эвакуацыю і знаходзіцца ў бясьпецы ў Літве. Дзякуй усім, хто прыняў удзел у гэтай аперацыі. Здаецца, што гэта было дакладна паўсотні чалавек, якія зрабілі вельмі шмат для яго свабоды. Цяпер Рабэрта нічога не пагражае і гэта будзе першая паўнавартасная спакойная ноч за доўгі час”, — напісаў Андрэй Стрыжак.

„Расея не з’яўляецца бяспечнай краінай для любога грамадска актыўнага чалавека. У любы момант кожнага, хто туды з’ехаў, з тых, хто прымаў удзел у пратэстах, могуць затрымаць наноў па „крыміналцы”.

„Прыклады Яны Пінчук, Аляксея Кудзіна, Андрэя Прылуцкага пацвярджаюць такую практыку. Супольная задача была перамясціць Рабэрта ў бяспечнае месца, якім для яго родная краіна, на жаль, таксама не з’яўляецца”, — патлумачыў кіраўнік BySol.

Рабэрта Вальдэс Касануэва пражыў у Беларусі 30 гадоў, тут у яго сям’я і трое дзяцей. Ён свабодна размаўляе на расейскай мове. Працаваў графічным дызайнерам. Яго затрымалі летась 11 лістапада пасля ўдзелу ў маршы.

Больш за год ён правёў на Акрэсціна ў чаканні дэпартацыі. 10 снежня мінулага году яго выслалі з краіны. Калі Касануэву вызвалілі, яго пасадзілі на самалёт у Расею: у дакуменце, які яму далі, у кубінца высылка з Беларусі на 3 гады.