Выстава “Дакрануцца сэрцам” у Гародні



Дакрануцца сэрцам” – такую назву мае выстава дзетак і бацькоў, якімі апякуецца Дзённы цэнтр для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, што дзейнічае пры гарадзенскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа. Выстава пачала сваю працу ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні і прадстаўляе некалькі дзясяткаў малюнкаў дзетак, якія ўдзельнічалі ў адмысловым пленеры ў вёсцы Салацце.

Пра выставу расказвае кіраўнік цэнтра Ірына Ларыёнава:

Выстава ў нас паўстала вельмі нечакана. Мы з’ездзілі з дзеткамі і іх сем’ямі на пленэр да вядомай творчай гарадзенскай сям’і Мацко. Дзеці малявалі на свежым паветры разам з бацькамі і выхавацелямі. Была вельмі добрая атмасфера.

Для Алены Арцукевіч – маці адной з дзяўчынак, якой апякуецца Дзённы цэнтр для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, – пленэр быў дадатковай магчымасцю для сацыялізацыі.

Ты таксама бралі ўдзел з маёй дачушкай у выставе. Малявалі. Вельмі спадабалася. Атмасфера была вельмі зычлівай. Дзеткі мелі зносіны ў вельмі маляўнічым месцы з цудоўным надвор’ем.

РР: Скажыце, чым цікавы для Вас і Вашай дзяўчынкі ўдзел у гэтай выставе?

– Гэта кантакт з дзеткамі, чарговая сустрэча з выдатнымі эмоцыямі і ўражаннямі. Пасля выставы мы мелі яшчэ невялікі пікнік – дзеткі пагулялі, павесяліліся.

На адкрыццё экспазіцыі прыйшлі не толькі прадстаўнікі Цэнтра пры Чырвоным Крыжы, але і самі бацькі разам з дзеткамі, якія малявалі працы для гэтай невялікай выставы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня