Выстава „Праўда пра Курапаты” наведала Гародню



У Гародні адкрылася мастацка-дакументальная выстава, якую чакалі даўно. Яе назва „Праўда пра Курапаты”. Гэтая інсталяцыя аб’ядноўвае ўсіх жыхароў Беларусі, бо тысячы нявінных ахвяраў бальшавіцкага рэжыму маюць агульную гістарычную памяць. Пра гэта на адкрыцці выставы сказаў дырэктар „Цэнтру гарадскога жыцця” Павел Мажэйка.

На імпрэзу прыехаў адзін з аўтараў выставы, журналіст Марат Гаравы. Яго апошнія доследы закранулі планіроўкі зоны расстрэлаў у Курапатах, таксама ён вывучыў некаторыя прыватныя гісторыі ахвяраў.

– Мы склалі спіс на 47 жыхароў акаляючых Курапаты вёсак, якія загінулі ад сталінскіх рэпрэсій. Апроч таго, мы прасачылі лёсы некалькіх сем’яў, каб паказаць, як дзейнічала машына рэпрэсій. І тут у нас ёсць стэнд, ён называецца “Жыццё каля плоту”. Кшыштаф Занусі быў на адкрыцці і сказаў, гэта цалкам кінематаграфічныя сюжэты.

 

На адкрыццё выставы прыехаў і мастак Генадзь Драздоў з суполкі „Пагоня” Беларускага Саюзу мастакоў.  Карціны і абразы прасякнуты тэмай растрэлаў нявінных у Курапатах.

– Адзін з маіх твораў – гэта інсталяцыя, у якой бачны чалавечы чэрап, прабіты куляй у затылак. Усе расстрэлы былі праведзены ззаду куляй у патыліцу. Гэта відавочна почырк энкавэдыстаў. На інсталяцыі бачныя гільзы, якімі расстрэльвалі ў 1937-39 гадах. Аўтэнтычны пясок Курапатаў. І ўсё ўражвае. І глядач павінен мець дотык з аўтэнтычным матэрыялам.

Гэта чацвёртая выстава ў Беларусі. Двойчы экспазіцыя выстаўлялася ў Менску ў Палацы Мастацтваў, аднойчы ў амерыканскай амбасадзе. Выстава будзе працаваць да 26 -га кастрычніка.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара