У Вілейцы адчынілася выстава „Лісты палітвязняў”



10 красавіка выстава „Лісты палітвязняў ад 1996 года да нашых дзён” адчынілася ў Вілейцы на грамадскім офісе. На працягу тыдня яе можна наведаць. 

Падчас адкрыцця выставы адбылася сустрэча з былым палітвязнем, старшынём Праваабарончага цэнтру Алесем Бяляцкім.  

Алесь Бяляцкі распавёў не толькі пра турму, але і пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на сённяшні дзень. Адзначыў: „Грамадзянская супольнасць не будуецца за год.  І вельмі важна тое, што кожны робіць на сваім месцы штодня”. 

Традыцыйна шмат пытанняў тычылася адносінаў адміністрацыі калоніі да вязняў. Алесь Бяляцкі адказаў. што „улада над іншымі людзьмі разбэшчвае, але такіх жахаў, якія былі ў сталінскіх лагерах няма, бо супрацоўнікі турмаў сацыялізаваныя – жывуць сярод іншых людзей”. 

Напрыканцы сустрэчы Алесь Бяляцкі падпісаў удзельнікам сустрэчы кнігу „Халоднае крыло Радзімы” – гэта адна з кніг, напісаных падчас зняволення. 

На выставе прадстаўлены лісты палітычных вязняў з-за кратаў, лісты ў падтрымку палітвязняў, матэрыялы бюлетэня Праваабарончага цэнтру “Вясна” – “Права на Волю”, а таксама архіўныя фотаздымкі.

З 1996 года, па звестках праваабарончых арганізацый, праз крымінальны пераслед за палітычныя перакананні ў Беларусі ў зняволенне трапілі больш за 200 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя