Высвятляюцца прычыны пажару ў саборы Святых Пятра і Паўла ў Нанце



У рамках расследавання прычын пажару ў саборы Святых Пятра і Паўла ў французскім Нанце затрыманы 39-гадовы мужчына, паведамляе ў нядзелю BFMTV.

Паводле тэлеканала, гэта прыезджы, які працаваў у саборы ў якасці валанцёра. За дзень да пажару ён павінен быў замкнуць уваход у будынак. Пракуратура падкрэслівае, што мужчыну затрымалі на час праверкі.

Як паведамлялася, у суботу ў саборы Святых Пятра і Паўла — адным з найбуйнейшых гатычных сабораў у Францыі — пачаўся пажар. Яго ўдалося патушыць, але агонь паспеў знішчыць арган і значную частку ўнутранага дэкору. На месцы здарэння былі знойдзены тры ачагі ўзгарання, у сувязі з чым правяраецца версія аб падпале будынка. Кафедральны сабор Нанцкай епархіі узводзіўся ў перыяд з 1434 па 1891 год. Ён усяго на шэсць метраў ніжэй за сабор Парыжскай Божай Маці.

Фота: AFP – AFP