Вызваленай з ІЧУ настаўніцы з Гомеля скінуліся на штраф



Учора з залі суда выйшла на волю педагог Іна Барысенка, якую супрацоўнікі міліцыі забралі проста каля дома — амаль тры дні жанчына правяла ў ІЧУ. Суд аштрафаваў яе на 702 рублі. Сума для школьнага работніка з заробкам 400 рублёў істотная. Але Іне дапамаглі сабраць сродкі на штраф.

Нагадаем, Гомельскі педагог Іна Барысенка актыўна ўдзельнічала ў мірных акцыях пратэсту, яе затрымалі ў мінулую пятніцу наўпрост каля дома, калі яна выносіла смецце. Даставілі спачатку ў Цэнтральны РАУС, потым адвезлі на ІЧУ. У панядзелак адбыўся суд. Там стала вядома, што на жанчыну склалі адразу два пратаколы: непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Іне далі штраф у памеры 26 базавых велічынь (702 рублі).

Адразу пасля публікацыі рэпартажу TUT.BY з залы суда мы атрымалі дзясяткі лістоў і званкоў. Неабыякавыя беларусы высвятлялі, як можна дапамагчы педагогу. Многіх абурыў факт таго, што чалавек пакутуе за сваю грамадзянскую пазіцыю.

Сёння з TUT.BY звязалася Дачка Іны Таццяна і паведаміла, што патрэбная сума ўжо сабраная.

— Дзякуй усім вялікі, грошы маме сабралі за паўдні. Тэлефанавалі і прапаноўвалі дапамогу былыя выпускнікі, бацькі вучняў, незнаёмыя людзі і нават адзін былы старшыня ячэйкі БРСМ — мама з ім працавала раней. Гэта такая падтрымка, мы ўчора ўвесь дзень плакалі, але ўжо ад шчасця! — дзеліцца эмоцыямі Таццяна.

Яе мама Іна сёння ў школе. У яе першы працоўны дзень пасля адпачынку, у гэтым навучальным годзе яна будзе выконваць функцыі выхавальніка групы працягнутага дня (але гэта ніяк не звязана з падзеямі лета-2020).

Паводле tut.by