Вызвалены з пасады начальнік 72-га АНЦ, дзе загінуў салдат Коржыч
Палкоўнік Канстанцін Чарнецкі вызвалены ад пасады начальніка 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл. Адпаведны Указ № 383 20 кастрычніка падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі.
„Падчас расследавання крымінальнай справы па факце смерці радавога Аляксандра Коржыча былі ўстаноўленыя выпадкі парушэння статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі навучальнага цэнтра. Гэта стала магчымым у выніку самаўхілення і безадказнага стаўлення шэрагу службовых асоб цэнтра да выканання сваіх службовых абавязкаў, а таксама адсутнасці кантролю за падтрыманнем воінскай дысцыпліны і правапарадку ў падпарадкаваным злучэнні з боку яго начальніка палкоўніка Канстанціна Чарнецкага”, — адзначаецца ў рэлізе.
21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаве майкай 3 кастрычніка ў падвале медроты. 5 кастрычніка следства як першапачатковую версію назвала суіцыд. Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі пра гвалтоўны характар смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі трагедыі: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.
Па справе Коржыча заключана пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэння, і яго намеснік, капітан 1989 год нараджэння, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцце мер па прадухіленні гібелі радавога з арміі звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое — адхіленыя ад працы. Расследаванне справы знаходзіцца на кантролі ў Лукашэнкі.
