Вызвалены з-пад варты Алег Маісеенка



Увечары 18 жніўня вызвалены з-пад варты Алег Маісеенка, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

„Учора позна ўвечары быў адпушчаны Алег Маісеенка, давераная асоба Святланы Ціханоўскай, які быў затрыманы 8 жніўня”, — паведаміла прэс-служба штаба.

Як паведамлялася, Маісеенка 8 жніўня быў выкліканы ў ГУБАЗіК, і пасля гэтага інфармацыі пра яго месцазнаходжанне не было.

Учора таксама быў вызвалены з-пад варты валанцёр штаба Віктара Бабарыкі Арцём Панасюк. Яго затрымалі напярэдадні выбараў паводле падазрэння ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў. Панасюк вызвалены без выстаўлення абвінавачванняў.

12 жніўня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” у адрас штаба Віктара Бабарыкі, які з 18 чэрвеня ўтрымліваецца ў зняволенні, прагучалі наступныя абвінавачванні: „Устаноўлена мноства фактаў, якія пацвярджаюць, што прадстаўнікі штаба экс-кіраўніка „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі ажыццяўлялі арганізацыю, каардынацыю і фінансаванне масавых беспарадкаў у Беларусі, а таксама правакавалі іх удзельнікаў на агрэсіўнае супрацьдзеянне органам правапарадку”.

У той жа дзень прадстаўнікі штаба Бабарыкі адкінулі абвінавачванні ў дачыненні да арганізацыі акцый пратэсту, якія прагучалі па дзяржаўным тэлеканале. „Штаб Віктара Бабарыкі і ўсе прадстаўнікі штаба, упаўнаважаныя рабіць публічныя заявы, заўсёды казалі аб выкарыстанні толькі законных і мірных дзеянняў у рамках выбарчай кампаніі і па-за ёй”, — заявіла каардынатар штаба Марыя Калеснікава.

belapan.by