«Я не алкаголік» – безвынікова даводзіць былы кіроўца



Былы кіроўца сельгас-прадпрыемства «Бярозаўскае» Мікалай Шуст паўгода змагаецца за зняцце з уліку алкаголікаў.

img_6599

У Берасцейскім абласным наркалагічным цэнтры, знешне без прыкмет гэтай хваробы,  Шуст ня змог давесці, што ён не алкаголік, і беспадстаўна пастаўлены на ўлік.

«Прычынай стала падробленая ўчастковым  Бярозаўскага РАУС-а Дзмітрыем Гукіным мая характарыстыка», — кажа Мікалай Шуст:

— Абласны нарколаг прачытала маю характарыстыку, што я неаднаразова прыцягваўся да адказнасці ў стане алкагольнага ап’янення, хоць я не працягваўся да адказнасці ані разу. Да 20 чэрвеня. Яна сказала, што з такой характарыстыкай яна мяне з уліку не зніме.  

Начальнік Бярозаўскага РАУС-а Сяргей Лабаеў падробку лічыць «апячаткай», а характарыстыку недатычнай да пастаноўкі на ўлік нарколага. З чым не пагаджаецца праваабаронца Сяржук Русецкі. Ён лічыць, што гэта намеранае скажэнне фактаў:

— Гэтае заключэнне напэўна адыграла ключавую ролю ў тым, што спадар Шуст быў пастаўлены на ўлік. Участковы інспектар меў за мэту, каб чалавек трапіў на той наркатычны улік. Магчыма былі нейкія планавыя паказчыкі, якія трэба было выканаць. 

Участковы інспектар Дзмітрый Гукін быў пакараны матэрыяльна за так званую «апячатку», але Мікалаю Шусту ад гэтага не лягчэй. Патрэбна яшчэ шмат намаганняў дзеля абароны сваіх  парушаных правоў.

Беларускае Радыё Рацыя