Ягор Марціновіч: „Наша Ніва” – выданне для усіх беларусаў



У гарадзенскім Центры гарадскога жыцця #HrodnaMediaRoom адбылася сустрэча з рэдактарам “Нашай Нівы” Ягорам Марціновічам. Журналіст падзяліўся з гарадзенцамі зменамі ў палітыцы выдання, распавёў пра тое, чым адрозніваецца „Наша Ніва” 90-х ад сучаснага выдання.

На думку Ягора Марціновіча, сучасная „Наша Ніва” – гэта выданне для розных беларусаў.

– Мы прытрымліваемся беларуска-цэнтрычнага погляду. Нам прынцыпова, каб беларуская гісторыя, беларускія навіны – іх чытала найбольшая колькасць людзей, менавіта ў нашай апрацоўцы. Не з “Медузы”, не з НТВ, не з “Савецкай Беларусіі”, а з нашай крыніцы. А місія другая – гэта каб як мага большая колькасць людзей хаця б у пасіўным выглядзе ўспрымала беларускую мову, сутыкалася з інфармацыяй па-беларуску.

Для гарадзенскага журналіста і былога аўтара “Нашай Нівы” Сяргея Астраўцова выданне вельмі змянілася.

– Дзясяткі тысяч людзей, якія патрабуюць сапраўды тэкстаў, пра якія гаварылася, якіх стала не хапаць. Я чытаў на “Нашай Ніве” пра знойдзеныя парэшкі на Замкавай гары ў Вільні, мне гэта цікава, мяне гэта хвалюе. Пра бюсты я не чытаю, пра канібалаў я таксама не чытаю.

Наступная сустрэча ў гарадзенскай прасторы  #HrodnaMediaRoom адбудзецца 6 кастрычніка. На яе завітае журналістка Юлія Слуцкая, былая рэдактарка “Еўрапейскага радыё для Беларусі”.

Беларускае Радыё Рацыя