Як беларускія дзеці рыхтуюцца да жыцця ў ІТ-краіне



Са з’яўленнем Парка высокіх тэхналогій праца ў ІТ-сектары ўспрымаецца ў Беларусі як адна з самых перспектыўных – гэта і вялікія заробкі, магчымасць працаваць на глабальны рынак, стажыроўкі ці сталая праца ў сусветных карпарацыях кшталту Google ці Microsoft.

Папулярнай становіцца і IT-адукацыя для дзяцей, хаця адмысловых праграм у звычайных школах няма, кажа намесніца дырэктара кампаніі Robolab Таццяна Казлоўская. Нядаўні турнір па робататэхніцы ў Менску сабраў больш за 500 удзельнікаў, арганізатары з Robolab лічаць, што наступны збярэ яшчэ больш. На турніры дзеці ад 4-х да 15 год спаборнічалі ў робататэхніцы, праграмаванні і ментальнай арыфметыцы.

Таццяна Казлоўская падкрэслівае, што ў класах Robolab – а іх больш за 80 па Беларусі – не рыхтуюць дзіця менавіта да працы праграмістам, канешне, навучэнец будзе мець такі веды, але місія навучання – падрыхтоўка да жыцця ў свеце, у якім імкліва мяняюць тэхналогіі.

– Нават калі чалавек потым не стане праграмістам, яму будзе вельмі карысна веданне ІТ. Нашыя ўсе ўрокі будуюцца так, каб дзеці не толькі вывучалі ІТ-тэхналогіі, але і развівалі soft-skills – як уменне працаваць у камандзе, праектная праца, удзел у прэзентацыях на сваіх спаборніцтвах, развіваем творчае мысленне. Няма стандартнага мыслення. Спрабуем развіваць у людзей творчасць, вось, напрыклад, у школе нашым дзецям не хапае каманднай працы, у школе мы ўсе працуем індывідуальна, потым выходзім са школ, трапляем у рэальнае жыццё на рэальную працу і разумеем, што там трэба працаваць у камандах і рабіць якіясць праекты.

Таццяна Казлоўская кажа, што адмысловых педагогаў для гэтай сферы беларуская сістэма адукацыі пакуль не рыхтуе.

– Атрымліваецца, што ў нас ва ўніверсітэтах не рыхтуюць настаўнікаў па робататэхніцы. У нас распрацавана свая сістэма падрыхтоўкі. Калі да нас трапляе новы настаўнік, які хоча працаваць у нас, мы далей дасылаем яго на курсы, дзе ён праходзіць як дыстанцыйныя, так і вочныя навучанні і рыхтуецца, здае залік. Калі выкладчыкі курсаў задаволены, як ён правёў урок, тады яго дасылаюць да дзяцей.

Зараз у беларускім Парку высокіх тэхналогій, дзе, магчыма, будзе працаваць і хтосьці з тых, хто зараз праграмуе цацачных робатаў, амаль 800 кампаній. У мінулым годзе менавіта ІТ-сектар упершыню ў беларускай найноўшай гісторыі стаў галоўным складнікам роста ВУП краіны.

Беларускае Радыё Рацыя