Як гарадская каналізацыя ў Глыбокім стварыла праблемы



Пракладка гарадской каналізацыі аказалася радаснай падзеяй для адных жыхароў Глыбокага, для іншых яна стала праблемай. Людзі з вуліц Кірава і Дзяржынскага цярпелі падчас яе пракладкі шмат нязручнасцяў, некаторыя церпяць іх і зараз. Дом №29 па вуліцы Дзяржынскага ўжо паўтара года з-за пракладкі каналізацыі пакрысе разбураецца і зямельны ўчастак падтапляецца.

Як кажуць жыхары, падчас пракладкі каналізацыі была парушаная дрэнажная сістэма.

Паводле гаспадыні дома Таццяны Плыгаўкі, аднойчы яна ледзь не зламала нагу, калі ступіла на зямлю ў сваім двары і правалілася, а  трактар, які прыехаў адкачваць ваду, патануў на адно кола.

– Падвал патануў, бульба плавала, уся хата змыта, яе фундамент. У суседкі таксама ўсё топіцца. Падвал закапала, бо вада пёрла, вёдрамі выносіла, а затым засыпала. Але цяпер там зямля правальваецца, з долу падмывае ўсю гэтую зямлю.

Яўген Плыгаўка:

– Тут і ў краме помпай кожны дзень адпампоўваюць, таму што ў іх таксама заліты падвал.

РР: Але яны не скардзяцца?

– А чаго ім скардзіцца. Адкачваюць кожны дзень. Яны арэндуюць гэтую зямлю.

Таццяны Плыгаўка:

– Прыехаў сам Янкевіч, пастаяў, адкачалі, але ўсё роўна бачна, што вада прэць…. Нічога нікому не цікава. Колькі я хадзіла і пісала заявы. Адказваюць: мы нічым вам не дапаможам.

Мы патэлефанавалі па каментар намесніку старшыні Глыбоцкага райвыканкама па будаўніцтву і жыллёва-камунальнай гаспадарцы Алегу Варша, які зараз на гэтай пасадзе замест Аляксея Янкевіча. Ён параіў спачатку звярнуцца ў ідэалагічны аддзел па акрэдытацыю, дзе правераць журналіста, а пасля гэтага ён будзе размаўляць.

– Вы акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь?

РР: А якая акрэдытацыя павінна быць?

– У нас ёсць аддзел ідэалагічнай работы. Вы да яго звярніцеся. Ён праверыць вашыя паўнамоцтвы. І тады, калі ласка, я магу даць вам інтэрв’ю.

РР: У нас ёсць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкул 34, які дазваляе збіраць інфармацыю любому беларусу.

– Калі ласка, збірайце інфармацыю. Але я вам магу даць інтэрв’ю тоькі тады, калі вы з’яўляецеся акрэдытаваным журналістам.

РР: То бок для вас Канстытуцыя як бы не дакумент атрымліваецца.

– Я вам усё сказаў.

На рэалізацыю праекта гарадской каналізацыі Сусветны банк развіцця і рэканструкцыі, які знаходзіцца ў Вашынгтоне, выдзеліў Глыбокаму пазыку ў 8 мільёнаў 635 тысяч даляраў. Грошы ўлады абяцалі максімальна эфектыўна выкарыстоўваць на карысць горада і яго жыхароў. За гэтыя грошы павінна было быць пабудавана 7 каналізацыйна-помпавых станцый, пракладзена 18,5 кіламетраў калектараў. А таксама ўведзеныя ў эксплуатацыю агульнагарадскія ачышчальныя збудаванні бытавой каналізацыі прадукцыйнасцю 2 тысячы 500 кубічных метраў у суткі, якая прадугледжвае поўную біялагічную ачыстку з наступным выпускам ачышчаных сцёкаў у раку Бярозаўку.

Праект пачынаўся ў 2016 годзе і быў разлічаны на год і сем месяцаў.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя