Як можна спраўдзіць колькасць міліцыянтаў, калі гэтая лічба сакрэтная?



Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што Беларусь нельга назваць «паліцэйскай дзяржавай», бо на 100 тысяч грамадзян тут толькі 405 супрацоўнікі міліцыі. Гэта супастаўна з колькасцю паліцэйскіх у краінах Еўропы, лічыць міністр. Да таго ж, МУС плануе аптымізаваць сваю структуру, то бок скараціць частку супрацоўнікаў.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак кажа, што нават сціплая лічба, агучаная Шуневічам, перавышае міжнародныя нормы па колькасці праваахоўнікаў, і лічыць, што міністр назваў колькасць атэставаных міліцыянтаў:

– Як можна спраўдзіць сапраўдную колькасць, калі недаступныя звесткі. І потым, я не кажу, што гэтыя звесткі несапраўдныя, я кажу, што было б цікава гэтае пытанне задаць. Верагодна, што ў статыстыку не  ўключаны асобы, каторыя не атэставаныя, каторыя не носяць пагоны. Але не факт, трэба запытваць. 

Нават тыя дадзеныя па колькасці міліцыянтаў на 100 тысяч беларусаў, якія агучыў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, больш чым у тры разы разыходзяцца з лічбай, якую ў 2013 годзе са спасылкай на даследаванне ААН апублікавалі праваабаронцы. Тады было падлічана, што на 100 тысяч грамадзян Беларусі працуюць 1 442 міліцыянты.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя