Як намесніца старшыні Слонімскага райвыканкама не пускала юных танцораў у Львоў



Са Львова вярнуўся ўзорны ансамбль сучаснага танца “Атланта” Слонімскага цэнтра культуры, якім шмат гадоў кіруе вопытны педагог Алена Бельская. На вядомым міжнародным конкурсе “Самацветы” юныя танцоры “Атланты” занялі два першых месцы.

Але паездка ў Львоў юным танцорам, іх бацькам і кіраўніку ансамбля каштавала шмат клопатаў. Як паведамілі бацькі юных танцораў і работнікі культуры, пра паездку ў Львоў даведалася намесніца старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэса Юшкевіч. І, каб спрыяць і дапамагчы ансамблю паехаць на фестываль, вертыкальшчыца загадала дырэктару Слонімскага цэнтра культуры Мікалаю Адамчыку, каб ён не пускаў ансамбль у Львоў на конкурс, бо Львоў — гэта ўкраінскі нацыяналістычны цэнтр, там, маўляў, украінскія нацыяналісты правядуць не тую, якую трэба агітацыю сярод слонімскіх дзяцей і бацькоў, а гэтага нам не трэба. “Пад колы аўтобуса кладзіся, а не пускай “Атланту” у Львоў”, — крычала Юшкевіч.

Дырэктар Слонімскага цэнтра культуры быў здзіўлены такімі адносінамі спадарыні Юшкевіч, тым больш, што ансамбль сучаснага танца “Атланта” едзе ў Львоў за свой кошт: бацькі дзяцей аплацілі дарогу, арэнду аўтобуса, гасцініцу, харчаванне, мясцовая ўлада ў паездку не выдаткавала ні капейкі. Як можна ім забараніць?..

“Атланта” усё ж паехала на фестываль і стала там пераможцам. А намесніцы старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэсе Юшкевіч калектыў нагадаў прымаўку: калі ў цябе не ўсе дома, не думай, што ў суседзяў – таксама. І яшчэ адну: хто ўмее – робіць, а хто не ўмее – крычыць і вучыць.

Яніна Сянкевіч, Беларускае Радыё Рацыя