Як напярэдадні акцый нейтралізуюць актывістаў?
Кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” (Кіеў) Алег Волчак распавядае пра новую тактыку ў дачыненні да актывістаў.
Апошнім часам заўважана практыка, калі грамадскім і палітычным актывістам суды прысуджаюць суткі адміністрацыйнага арышту, але ў Цэнтр утрымання правапарушальнікаў адпраўляюць не адразу.
“Так, напэўна, уладам зручней нейтралізоўваць актывістаў напярэдадні нейкіх акцый, – распавядаў палітык Павел Севярынец. – Адным словам, выбіраюць зручны час, калі трэба чалавека арыштаваць. Напрыклад, 21 кастрычніка плануецца мітынг, таму не выключаю, што напярэдадні мяне адправяць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў”.
Словы Паўла Севярынца пацвердзіліся. Яго асудзілі на 15 сутак 2 кастрычніка, але палітык быў затрыманы толькі 11 кастрычніка.
Алег Волчак: Увогуле, калі суд “выпісвае” некаму суткі адміністрацыйнага арышту, то чалавек мае права яшчэ абскардзіць рашэнне першай інстанцыі. Менавіта так было ў маім выпадку, і, у рэшце рэшт, я дамогся таго, што рашэнне аб прыцягненні мяне да адказнасці наогул спынілі з-за “малазначнасці”. Таму можна, натуральна, пасля вынясення рашэння раённым судом адразу парушальніка не накіроўваць у ізалятар на Акрэсціна. І гэтым момантам улады карыстаюцца ў сваіх мэтах. Пасля суда чалавека адпускаюць дадому, а ізалююць яго пазней – акурат напярэдадні нейкіх акцый пратэсту.
РР: Тут дзейнічае нейкі выбарчы прынцып?
Алег Волчак: Безумоўна, няма агульнай практыкі. Па вялікаму рахунку, як ужо казаў, нікога нельга адразу пасля суда адпраўляць на суткі, бо чалавек павінен абскардзіць рашэнне ў вышэйшай інстанцыі. Але адных у нас саджаюць адразу, іншых “бяруць” у патрэбны час. І дзейнічаюць выбарча. Напрыклад, таго ж Паўла Севярынца альбо Мікалая Статкевіча нейтралізуюць напярэдадні акцый. Гэта такая новая тактыка ўладаў. Дзейнічаюць прэвентыўна. І ў бліжэйшы час, думаю, ад гэтага не адмовяцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
