Як працуе прапаганда?



“Не думаю, што прапагандыскія фільмы акажуць дзеянне, на якое разлічвалі стваральнікі гэтых “шэдэўраў”, – кажа старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Па БТ паказалі прапагандысцкі фільм „Белы легіён чорных душ”. Ён прысвячаўся „справе патрыётаў”, якую вядзе КДБ супраць некалькіх дзясяткаў чалавек — пераважна сяброў арганізацыі „Белы легіён”, распушчанай паўтара дзясятка гадоў таму”.

У фільме праводзіліся паралелі паміж нацыстамі і „Белым легіёнам”, а таксама Беларускім згуртаваннем вайскоўцаў. Аўтары фільма заявілі, што на 25 сакавіка 2017 года ў Менску быццам бы рыхтаваўся тэракт у натоўпе, які мусілі здзейсніць тэрарысты-смяротнікі.

Юрась Губарэвіч: Я перакананы, што ўсе гэтыя фільмы – прапаганда і лухта. Не думаю, што яны акажуць дзеянне, на якое разлічвалі стваральнікі гэтых “шэдэўраў”. Мы жывем у век Інтэрнэта і сучасных тэхналогій, а ўлада дзейнічае старымі метадамі, спадзяючыся на паўтарэнне поспеху, які мелі прапагандысцкія фільмы ў ранейшыя часы. Але ж сёння народ бачыць альтэрнатыўную думку. Яна абвяргае хлусню, якой спрабуе накарміць людзей БТ. Бо доказы – гэта доказы, а факты, якія высмактаны з пальца, – гэта ўзровень дзіцячага садка. Што лёгка даказаць і абвергнуць праз Інтэрнэт. Мне падаецца, большасць ужо не вядзецца на спробы прапаганды паўплываць на грамадскую думку.  

РР: І, тым не менш, некаторая частка грамадства паддаеццца ўплыву такой прапаганды…

Юрась Губарэвіч: Яна ўплывае на тых, хто і так свята верыць ва ўсё, што кажа і робіць гэтая ўлада, і прадастаўляе нейкія доказы ў апраўданне сваёй веры. Але, мяркую, іх меншасць. Бо большасць на сваёй скуры адчулі, да чаго прывяла нас улада за 20 гадоў кіравання. Рэальнае жыццё – найлепшы тэлевізар.

А што датычыцца справы “Белага легіёна”, то тут усё зразумела. Калі ўлады сказалі “А”, то ім даводзіцца казаць і “Б”, каб апраўдаць свае дзеянні. Таму, напэўна, гэта не апошні фільм пра “справу патрыётаў”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя