Як працуе “ТаймАкт”?



Кіраўнік сацыяльна-інфармацыйнай установы “ТаймАкт” Васіль Завадскі распавёў пра дасягненні іх арганізацыі за першыя два месяцы працы.

Нагадаем, амаль два месяцы таму было аб’яўлена аб стварэнні ў Беларусі сацыяльна-інфармацыйнай установы “ТаймАкт”, “асноўнай задачай якой будзе праваабарончая дзейнасць, і ў прыватнасці – абарона правоў зняволеных”. Установа была афіцыйна зарэгістравана ў Менскім гарвыканкаме.

Васіль Завадскі: Амаль за два месяцы працы мы маем шмат зваротаў ад зняволеных, так і ад іх блізкіх. Натуральна, усіх іх у першую чаргу хвалюе незаконнасць прысудаў, многія просяць юрыдычнай дапамогі. На жаль, у нас пакуль няма рэсурсаў, каб гэта рабіць у поўным аб’ёме. Нашы магчымасці абмежаваныя. Магчыма, у будучым знойдзем нейкія рэзервы, аднак пакуль маем тое, што маем. Трэба ж улічваць, што мы працуем усяго толькі два месяцы.

РР: Раней вы самі ўзначальвалі медыцынскую службу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі. Напэўна, у плане медыцынскага забеспячэння альбо медабслугоўвання ў месцах пазбаўлення волі можаце даць кваліфікаваныя парады?

Васіль Завадскі: Безумоўна, у гэтым накірунку лягчэй працуецца, ёсць завароты на гэтую тэму. Акрамя таго, мы робім запыты па іншых ўзніклых у вязняў праблемах у Дэпартамент выканання пакаранняў у калоніі, у пракуратуру. Інфармуем грамадскасць пра тое, што адбываецца ў пенітэнцыярнай сістэме. Бо калі вязням ствараюцца праблемы, то адміністрацыя папраўчых устаноў зацікаўлена, каб усё было ціха. Але, на мой погляд, маўчаць у такой сітуацыі нельга.

РР: Калі нехта захоча звярнуцца за дапамогай, як людзям можна знайсці вас?

Васіль Завадскі: Са сваімі скаргамі і прапановамі тыя, хто знаходзіцца пад следствам, зняволеныя і іх блізкія могуць звяртацца ў нашу установу, якая знаходзіцца па адрасе: 220052 г.Менск, вул.Гурскага, 37, офіс 1Н; тэл.: (+375-17) 277-08-98 (аўтаадказчык, кругласутачна); (+375-25) 615-46-76.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя