Як праводзіць пошукі па стварэнні ўласнага радаводу?



Як праводзіць пошукі па стварэнні ўласнага радаводу даведаліся гарадзенцы, якія прыйшлі на сустрэчу з Вадзімам Урублеўскім, кіраўніком менскай школы практычнай генеалогіі.

У „Цэнтры гарадскога жыцця” Вадзім Урублеўскі расказаў, як пашыраецца пошукавая база, колькі існуе архіваў і чым яны могуць дапамагчы беларусам:

– Пачатак – гэта вусная гісторыя, то бок размова са старэйшымі прадстаўнікамі сваёй сям’і. Яна павінна тычыцца не толькі нейкіх жыццёвых падзеяў мінулага, але ўласна прозвішчаў і імёнаў, імёнаў па бацьку, датаў жыцця, месцаў пражывання, канфесіяў, вядомых ім дзядуляў, бабуляў. Далей, другі этап – гэта наведванне некаропаляў – старажытных могілак сваёй мясцовасці і пошук там надмагільных надпісаў.

Колькасьць тых  беларусаў, якія не баяцца даведацца мінулае яго роду ўвесь час расце. Але не ўсе маюць магчымасці і здольнасці займацца самастойным пошукам. На думку кандыдата гістарычных навук Генадзя Семенчука, ужо з’явіліся такія адмыслоўцы, якія могуць у гэтым чалавеку дапамагчы, але ёсць і супрацоўнікі архіваў, якія таксама могуць аказаць такую дапамогу.

– Мне здаецца, што вялікае значэнне мае тое, што ты тлумачыш людзям. Калі ты ім пачынаеш тлумачыць, што не варта саромецца сваёй уласнай гісторыі, якая б яна там не была – белая, чорная, чырвоная ці зялёная, па-просту трэба радавацца і ведаць гэтую гісторыю. Ніхто ніколі не разачаруецца. Бо расчараванні на чым пабудаваныя – на трагедыях 20 стагоддзя. Расчараванні палягаюць на тым, што нехта раптам даведаецца, што яго продкі былі ў НКВД.

У часе сустрэчы гарадзенцы змаглі атрымаць практычныя падказкі па пошуку сваіх продкаў у архівах Беларусі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота і відэа аўтара.