Як пройдзе ўшчыльненне былой вёскі Вішнявец?
“Адпіскай” назвалі жыхары рашэнне мясцовага выканаўчага камітэта, прынятае на грамадскім абмеркаванні па ўшчыльненні былой вёскі Вішнявец, якая цяпер знаходзіцца ў межах Гародні.
Жыхары вельмі непакояцца, бо зямля, якую набывалі іхныя дзяды за грошы, мае быць перадзелена, і яны могуць пазбыцца часткі сваёй рухомай і нерухомай маёмасці. Кажа адна з жыхароў вуліцы Вішнявец, Ганна:
— Яны мусяць пераглядаць, бо ніхто з гэтым не згодзіцца. Яшчэ пытанне: дзе яны былі сем гадоў? Мы ўжо сем гадоў пад Гародняй і ўсё было добра. Яны кажуць, што мы — цэнтр горада. А Савецкая плошча тады што? Акраіна? Калі Вішнявец — цэнтр горада і мы ўжо ў Гародні хоць за дамамі бачныя калгасныя палі і лес, дык што казаць пра плошчу Леніна? Якая гэта старана горада? З гэтага боку калгаснае поле бачнае і з іншага таксама. Не чапалі вы нас сем гадоў, дык яшчэ дваццаць сем не чапайце: дайце дажыць і вёска сама па сабе вымрэ.
Паводле юрыстаў дзеянні ўладаў па ўшчыльненні ўчасткаў былой вёскі Вішнявец — законныя. У лютым мае прайсці яшчэ адна сустрэча жыхароў з праектнай арганізацыяй і чыноўнікамі. Там ім абяцаюць даць канчатковае рашэнне іх лёсу.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
