Як сёння выглядае „Трактар” і пляцоўка пад новы стадыён



У Менску працягваецца высяканне ладнай часткі парка 50-годдзя Кастрычніка, які знаходзіцца побач з Партызанскім праспектам і вуліцай Ванеева. Будаўніцтва новага стадыёна на кітайскія грошы, паводле складзенага праекту, вымагае знішчэння сотняў дрэваў.

Здзіўленне мясцовых жыхароў выклікае той факт, што стары стадыён „Трактар”, які знаходзіцца ў парку, не зносіцца, — новая арэна будзе пабудаваная побач. Кажа ініцыятар петыцыі па абароне парка ў інтэрнэце Юльян Місюкевіч.

– Атрымліваецца, што такі вялікі кавалак парка практычна знішчаны, і там зроблены катлаван, каналізацыя пад будаўніцтва новага стадыёна ўпрытык да стадыёна “Трактар”. Я асабіста не супраць стадыёна, але па-мойму бязглузда размяшчаць адзін стадыён упрытык да другога. Калі ёсць “Трактар”, побач ёсць “Тарпеда”, не так далёка ёсць стадыён “Дынама”. Выглядае вельмі неразумна.

Стадыён „Трактар” пабудаваны ў 50-я гады ХХ стагоддзя. Ён умяшчае 17 600 гледачоў. Новы „Нацыянальны стадыён”, які хочуць пабудаваць побач, плануецца на 33 тысячы чалавек.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск