Як у Беларусі працуюць рэпрэсіўныя суды?



“Мне проста сорамна за сёняшніх суддзяў”, – кажа былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Учора суд Фрунзенскага раёна Менска завочна асудзіў кіраўніка праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” (Кіеў) Алега Волчака да 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Сам праваабаронца ў суд не з’явіўся. Яго судзілі за ўдзел у Маршы абураных беларусаў, які прайшоў у сталіцы 17 лютага.

Міхаіл Пастухоў: Я быў на судзе над Волчакам і магу шчыра сказаць, што гэта не суд, а нейкая “надзвычайшчына”. Адвакат даказвае, што няма ніякай віны Алега Волчака, што ён нічога супрацьпраўнага не рабіў, а чалавеку даюць 13 сутак арышта. У паказаннях міліцыянераў былі абсалютна супярэчлівыя сведчанні па часу і па месцы, але суддзя гэта абсалютна не цікавіць. Самае дзіўнае, што і пратакол аб адміністрацыйным парушэнні аказаўся не падпісаным. Таму мы ўсе чакалі, што матэрыялы справы адправяць на дапрацоўку. Замест гэтага суд аб’явіў перапынак на… паўтары гадзіны (!), пасля чаго выносіцца рашэнне – 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Вось так працуе рэпрэсіўная судовая сістэма сёння. І гэта толькі адзін выпадак працы беларускага “правасуддзя”. Усе зразумелі, што справядлівага суда ў нас, як не было, так і няма. Чалавек абсалютна не абаронены перад людзьмі ў мантыях.

РР: Суддзі ў гэтай сітуацыі з’яўляюцца статыстамі?

Міхаіл Пастухоў: Абсалютна правільнае вызначэнне. Яны проста праводзяць нейкую фармальную працэдуру, а затым абвяшчаюць зараней вядомы прысуд. Калі ім казалі  даваць актывістам штрафы – яны давалі штрафы. Сказалі “выпісваць суткі” – так і робяць.

РР: Судзям не сорамна паступацца сумленнем і выносіць такія прысуды?

Міхаіл Пастухоў: Гэтая ж сістэма не сёння нарадзілася, ужо больш за дваццаць гадоў яна існуе. Калі суддзя трапляе ў сістэму, то перад ім паўстае выбар – альбо працаваць па напісаных уладай правілах, альбо шукаць іншае месца працы. Таму сёння гэта не людзі, яны – робаты. Якую закладаюць праграму – тое робат і робіць. Пра нейкі сорам тут казаць не выпадае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя