Як зараз выглядае спрэчны двор на Талбухіна



Ужо некалькі месяцаў цягнецца змаганне жыхароў дамоў па вуліцы Талбухіна і дамоў 91 і 93 па праспекце Незалежнасці з забудоўшчыкам ТАА «Вецер», які збіраецца пабудаваць у двары паркоўку на 129 аўтамабіляў.

Сумніўнасць праекту не аднойчы выплывала ў судзе Маскоўскага раёна Менска, дзе разглядаецца справа. Неадпаведнасць двух тэкстаў ад Міністэрства культуры пад адным і тым жа зыходным нумарам дакумента, павольнае прадастаўленне кампаніяй-забудоўшчыкам запатрабаваных судом дакументаў, нарэшце, начныя працы ў двары пасля атрымання прадпісання пра прыпыненне работаў.

Забудоўшчык не стаў чакаць заканчэння працэсу перагляду законнасці свайго будаўніцтва, а проста знёс бетонныя платы ў двары, стаў пілаваць старыя дрэвы, на якія людзі вешалі плакаты з просьбамі абараніць іх. Цяпер частка дрэваў ужо знішчана, тэрыторыя будоўлі пасунулася амаль на самыя дарожкі для праходу людзей, плакаты зрываюцца рабочымі, а тым часам законнасць будоўлі на гэтым месцы яшчэ не правераная. Нагадаем, што дамы 91 і 93 па праспекце Незалежнасці ў Менску ўваходзяць у рэестр гісторыка-культурнай каштоўнасці. І паралельна з гэтым у дварах працягваюцца сумніўныя, а на думку жыхароў – незаконныя работы.

На тэрыторыі будоўлі ў апошнія дні расставілі камеры, а 28-га жніўня жыхары дома прынеслі дакументы з Дзяржбуднагляду, з якіх вынікала, што ніякія будаўнічыя работы ў дадзены момант на аб`екце не вядуцца. Ідзе разбіральніцтва, у тым ліку і з міліцыяй. Як паказваюць фотаздымкі, зробленыя ў гэты ж дзень, як рабочыя, так і тэхніка нікуды не прыбраныя, а работы працягваюцца. У прыватнасці, два рабочых (на фота) рабілі новы ўезд на тэрыторыю, чынілі браму пасля начнога праезду тэхнікі. Карэспандэнту Радыё Рацыя пагражалі міліцыяй за «несанкцыянаванае фатаграфаванне», але ў выніку нікога так і не выклікалі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск