Які лёс чакае Нацыянальны ўніверсітэт?



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла пра тое, ці паўплывае паслявыбарчая сітуацыя ў краіне на адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча.

Алена Анісім: Для ўлады Нацыянальны ўніверсітэт з навучаннем на роднай мове ніколі не быў прыярытэтам. І ніколі гэтае пытанне не стаяла ў іх парадку дня. Наогул, як раней падкрэслівалася на высокім узроўні, пытанне з беларускай мовай у краіне як быццам ужо вырашана канчаткова.

Гэта значыць, што для гэтай улады дастаткова таго, што калі нехта размаўляе на мове – ужо добра. А пра тое, каб развіваць адукацыю, пашыраць беларускамоўную інфармацыйную прастору, – для іх пытанне так не стаіць.

Таму пасля таго, як Масква падтрымала рэжым Беларусі, чакаць чагосьці новага ў нашай краіне ў плане пашырэння беларусізацыі не даводзіцца. У прыватнасці, мы бачым, як сёння ўлады ставяцца да нацыянальных сімвалаў.

Але, нягледзячы на тое, што палітычнае поле зачышчана, нашы палітычныя партыі і арганізацыі павінны былі б сесці за стол перамоваў унутры Беларусі і выпрацаваць сваю стратэгію і тактыку дзеянняў. Калі гэтага не рабіць, то тады будзем чакаць, што нам знешне нехта прапануе.

РР: На якой стадыі зараз атрыманне ліцэнзіі на дзейнасць Нацыянальнага ўніверсітэта?

Алена Анісім: Міністэрства адукацыі абвясціла вялікую сустрэчу з міністрам адукацыі, і я падала заяўку для таго, каб прыняць там удзел. І адным з пытанняў, якое збіраюся задаць міністру, будзе пытанне адкрыцця Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча. Бо працэс атрымання ліцэнзіі і насамрэч зацягнуўся.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя