Якім будзе біяметрычны пашпарт беларуса



Біяметрычны пашпарт – гэта той сама дакумент, які пацвярджае асобу грамадзяніна і яго грамадзянства, але ён мае такую асаблівасць як адмысловы чып. У гэтым чыпе закладзена спецыяльная інфармацыя: фотаздымак уладальніка, яго імя і прозвішча, дата нараджэння, нумар пашпарту і тэрмін яго дзеяння – тыя ж звесткі, што і ў звычайным пашпарце. У біяметрычным пашпарце можа быць даданая і іншая інфармацыя – прыкладам, малюнак радужнай абалонкі вока, адбіткі пальцаў і электронны лічбавы подпіс. На біяметрычным пашпарце стаіць таксама міжнародная адзнака на тытульным лісце. Праўда, ёсць некалькі краінаў, якія выдаюць біяметрычныя пашпарты без яе. Стандартныя характарыстыкі чыпа распрацаваныя і задакументаваныя міжнароднай арганізацыяй ICAO.

Сама значны плюс біяметрычнага пашпарту – паскоранае праходжанне мяжы ў час яе перасячэння, што значна спрыяе падарожжам. Інфармацыя з такога пашпарту чытаецца аўтаматычна. Падрабіць такі пашпарт практычна немагчыма, а калі ты яго згубіш – ім ніхто ня зможа скарыстацца. Пад чужым імем з біяметрычным пашпартам ніяк не праедзеш.

Біяметрычныя пашпарты шырока выкарыстоўваюцца ў краінах Еўразвязу, Канадзе, ЗША, Новай Зеляндыі, Аўстраліі, у многіх краінах Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, нават у Расеі. Фактычна – у бальшыні краінаў свету.

Выдаваць грамадзянам Рэспублікі Беларусь такія біяметрычныя пашпарты пачнуць з 1 студзеня 2019 года. У новым пашпарце беларуса будзе змяшчацца электронны чып з персанальнымі дадзенымі ўладальніка: фотаздымак, адбіткі пальцаў, электронны лічбавы подпіс. Унутраным жа дакументам, фактычна пасведчаннем асобы стане пластыковая ID-карта. Прыблізна такая, як і ў іншых краінах Еўропы. У ёй таксама будзе закадавана біяметрычная інфармацыя.

Галоўная інфармацыя – мяняць пашпарт адразу будзе не абавязкова, пэўны час паралельна будуць сапраўднымі і старыя, і новыя пашпарты грамадзян.

Беларускае Радыё Рацыя