Яшчэ 5 чалавек затрыманыя па падазрэнні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў



Пра гэта паведаміў тэлеканал СТБ са спасылкай на МУС Беларусі. Ці ёсць сярод затрыманых лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч, які знік тры дні таму, і ягоны кіроўца Сяргей Кунцэвіч, у якога падчас затрымання канфіскавалі пляшкі «з пахам гаручай сумесі», невядома.

«Паступіла апэратыўная інфармацыя пра тое, што некалькі грамадзян задумвалі правакацыі падчас несанкцыянаваных мерапрыемстваў», — цытуе МУС інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Паводле афіцыйнага паведамлення, падчас ператрусаў па месцы жыхарства затрыманых былі знойдзеныя пнэўматычная зброя, халодная зброя, кайданкі, лёгкаўзгаральныя рэчывы і хімічныя рэактывы, маскі з проразямі для вачэй, навучальная літаратура анархісцкага зместу. Цяпер дзеянням затрыманых даецца прававая ацэнка.

23 сакавіка КДБ паведаміла, што крымінальная справа ўжо распачатая супраць 26 чалавек. У КДБ заявілі, што затрыманыя актывісты «Белага легіёну» на чале з Міраславам Лазоўскім, а таксама «Маладога фронту» на чале са Змітром Дашкевічам. Ім інкрымінуюць навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках.