Яшчэ адзін факт фальсіфікацыі выбараў



Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 Алесь Масюк звярнуўся з пісьмовай просьбай да старшыні камісіі Алены Мачалінай. У сваёй просьбе Алесь Масюк напісаў: “Прашу Вас даць мне магчымасць азнаёміцца з падрабязнымі вынікамі выбараў галасавання па кожнаму з 65 выбарчых ўчасткаў Слонімскай выбарчай акругі № 58 (колькасць выбаршчыкаў, колькасць прыняўшых удзел у галасаванні, колькі чалавек прагаласавала датэрмінова, па месцы знаходжання і ў асноўны дзень галасавання, як размеркаваліся галасы па кожнаму з кандыдатаў).

Таксама прашу Вас надрукаваць падрабязныя вынікі выбараў па кожнаму выбарчаму ўчастку ў мясцовых СМІ і на сайце Слонімскага райвыканкама для агульнага азнаямлення”.

Алесь Масюк адказу пакуль не атрымаў. У чацвер, 15 верасня, ён наведаў Слонімскі райвыканкам і асабіста запытаў у Алены Мачалінай, каб яна дала магчымасць азнаёміцца з падрабязнымі вынікамі выбараў галасавання па кожнаму з 65 выбарчых ўчасткаў Слонімскай выбарчай акругі № 58. Але спадарыня Мачаліна адмовіла кандыдату ў дэпутаты азнаёміцца з падрабязнымі вынікамі выбараў. А таксама сказала, што гэта інфармацыя нідзе не будзе друкавацца. Яна, маўляў, засакрэчана.

Алесь Масюк невыпадкова зацікавіўся вынікамі выбараў па кожнаму ўчастку. Бо дзіўная рэч атрымліваецца. Вось, напрыклад, вынікі па адным Тапалёвым участку для галасавання № 13 г.Слоніма: .

Усяго выбаршчыкаў – 2 192.

Галасавала – 1 283.(58,5%)

Колькасць атрыманых бюлетэняў – 2 320.

Пагасілі – 1 037.

Вынікі:

Датэрмінова – 676 чалавек:

За Міхаіла Караткевіча – 3 чал. (0,4%),

За Алеся Масюка – 8 (1,2%),

За Алу Сопікаву – 662 (98%),

За Івана Шэгу – 4 (0,6%),

Супраць усіх – 0.

Прагаласавалі па месцы жыхарства – 28 чалавек:

За Караткевіча – 1.

За Масюка – 12,

За Сопікаву – 3,

За Шэгу – 12,

У асноўны дзень – 579 чалавек:

За Караткевіча – 16 (2,8%),

За Масюка – 195 (33,7%),

За Сопікаву – 103 (17,8%),

За Шэгу – 166 (28,7%),

Супраць усіх і не сапраўдных– 99 чалавек (17,1%).

Агульныя вынікі галасавання:

За Караткевіча – 20 (1,6%).

За Масюка – 215 (16,8%).

За Сопікаву – 758 (59,1%).

За Шэгу – 182 (14,2%),

Супраць усіх – 93 (7,2%).

Несапраўдных – 15 (1,2%).

Атрымалася, што ў датэрміновых выбарах усе выбаршчыкі ў асноўным галасавалі за праўладную кандыдатку Сопікаву? Магчыма, так “атрымалася” і на ўсіх участках? Нібы дамовіліся… Вось чаму спадарыня Мачаліна не хоча паказваць вынікі галасавання кандыдату ў дэпутаты Алесю Масюку.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім