Яшчэ трох чалавек праваабаронцы прызналі палітвязнямі
У спіс палітвязняў унесеныя:
— Аляксей Коршун (2,5 года пазбаўлення волі за публікацыю каментара; арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай непрыязнасці або варожасці);
— Яўген Семянок (5 гадоў пазбаўлення волі за каментары пра супрацоўнікаў ГУБАЗіК МУС Івана Тарасіка і Аляксандра Алёксу з нагоды сітуацыі вакол анархіста Мікалая Дзядка, крадзеж і ўхіленне ад адбыцця пакарання; арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады, арт. 364 — гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, арт. 415 — ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі, арт. 205 — крадзеж);
— Ягор Міхайлаў (10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў падпале танка на чыгуначнай станцыі на ўскраіне Мінска; арт. 289 — акт тэрарызму).
Са спіса сёння выключаная валанцёр Кіра Баярэнка, затрыманая 10 лютага і адпушчаная пад паруку родных да суда (абвінавачваецца паводле арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Агульная колькасць палітвязняў дасягнула 629. Статус былых палітвязняў (арыштаваныя ў сувязі з падзеямі 2020—2021 гадоў) маюць 80 чалавек, у тым ліку Вітольд Ашурак, які памёр у турме.
