Яшчэ тры чалавекі прызнаныя палітвязнямі ў Беларусі



Юрый Дрэка, Аляксандр Бажкоў і Віктар Каліноўскі прызнаныя палітычнымі зняволенымі, гаворыцца ў заяве беларускіх праваабарончых арганізацый. Такім чынам, агульная колькасць палітвязняў у краіне вырасла да 589.

Юрый Дрэка 13 сакавіка быў прыгавораны судом Савецкага раёна Менска паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) да года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (пачаў адбываць пакаранне) за надпіс „СБ — с… бойцеся” на агароджы будаўнічай пляцоўкі ў цэнтры горада. Пацярпелымі прызналі некалькі супрацоўнікаў выдавецкага дома „Беларусь сегодня”: першага намесніка дырэктара і галоўнага рэдактара Міхаіла Лябедзіка, а таксама Андрэя Мукавозчыка, Дзмітрыя Крата, Людмілу Гладкую, Рамана Рудзя.

Аляксандр Бажкоў прыгавораны судом Аршанскага раёна (Віцебская вобласць) паводле арт. 341 КК (апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці) да трох месяцаў арышту (пачаў адбываць пакаранне) за нанясенне пратэстных надпісаў на будынак папраўчай калоніі.

Віктар Каліноўскі пастановай суда Берасцейскага раёна атрымаў два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле ч. 2 арт. 339 КК (таксама пачаў адбываць пакаранне) за надпісы пратэстнага характару ў грамадскіх месцах Берасця і Берасцейскага раёна.

На думку праваабаронцаў, нанясенне надпісаў такога кшталту не з’яўляецца праявай хуліганства і вандалізму. „Змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія праходзяць у краіне з лета 2020 года, сведчаць аб тым, што матывам іх нанясення было выказванне меркавання на грамадска значныя тэмы, — гаворыцца ў заяве. — Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання трапляе пад абарону Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі ім абвінавачваннямі: у адпаведнасці з арт. 19 пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова, або праз сродкі друку, або мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўлены законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва”.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што асуджаныя не пасягалі на значныя каштоўнасці. „Самі надпісы не ўтрымліваюць мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці або сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Нецэнзурная лексіка, якую выкарыстоўвалі некаторыя з іх, не сведчыла сама па сабе аб наяўнасці ў іх дзеяннях складу крымінальна каральнага злачынства”, — адзначаецца ў заяве.

У гэтым кантэксце праваабаронцы лічаць пазбаўленне волі Дрэкі, Бажкова і Каліноўскага палітычна матываваным, а саміх асуджаных — палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

Праваабаронцы таксама патрабуюць вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Заяву падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі ПЭН-цэнтр, „Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

belapan.by