Яслі-сад – базавая школа – адзін юбілей на ўсіх



У пятніцу, 5 снежня, навучальна-педагагічны комплекс “Навасёлкаўскі яслі-сад-базавая школа” Слонімскага раёна адзначыў 50-гадовы юбілей. Але ў Навасёлках ніхто комплексам школу не называе. Усе вяскоўцы, як і заўсёды, называюць сваю ўстанову адукацыі – школай. Праўда, у гэтай установе займаецца сёння ўсяго 56 вучняў. Амаль столькі – колькі гадоў самой школе. За ўвесь гэты час у Навасёлкаўскай школе было 46 выпускаў, а гэта 625 выпускнікоў. Праўда, школа ў Навасёлках існавала і да 1964 года. У пачатку ХХ стагоддзя была царкоўна-прыходская школа. А потым у 1918 годзе сяляне арганізавалі школу, у якой вучыліся толькі чытаць і пісаць. У 1928-1939 гадах школа ў Навасёлках была пачатковая ў наёмных памяшканнях. У 1939 годзе яе рэарганізавалі ў сямігадовую. Потым у вайну будынак школы згарэў. Пасля вайны дзеці вучыліся зноў у наёмных памяшканнях. І толькі ў 1964 годзе для школы пабудавалі вялікі, прыгожы будынак, дзе вучацца і сёння.

Яслі, сад і базавая школа ў Навасёлках за 50 гадоў сабраліся разам. На працягу 20 гадоў гэты педагагічны і вучнёўскі калектыў узначальвае Анатоль Рэмез. Віншуючы свой калектыў і гасцей з юбілеем, дырэктар школы шчыра расчуліўся. “Дваццаць гадоў я аддаў Навасёлкаўскай школе, і, калі б гады вярнуліся, то я зноў прыйшоў бы сюды працаваць. Шкада толькі, што гады бягуць хутка, а ў школе ўсё менш і менш вучняў. Але я заўсёды дзякую Богу, што трапіў некалі ў Навасёлкі”, – прызнаўся Анатоль Георгіевіч.

Падчас юбілею з маленькай школьнай сцэны гучалі песні, вершы, школьнікі таньчылі вальсы і сучасныя танцы. Сваё сцэнічнае майстэрства паказалі і настаўнікі разам са сваім дырэктарам. Усё было прыгожа, светла і шчыра. Толькі ў гэтай юбілейнай шчырасці адчувалася нейкая трывога за мясцовы люд, за іх вёску: а ці не апошні юбілей адзначылі ў Навасёлках?..

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара.