Яўген Філімонаў: Трэба падвоіць намаганні па выратаванні планеты
22 красавіка ў свеце адзначаецца Дзень Зямлі. Глабальная акцыя, каб прыцягнуць увагу людзей да абароны водных, лясных рэсурсаў, а таксама – чысціні паветра. Мінулагодні эканамічны крызіс, якому пакуль няма канца, дае людзям падставы не расслабляцца, а па-новаму паглядзець на навакольнае асяроддзе і вырашыць для сябе, як яго захаваць.
Кажа гарадзенскі эколаг Яўген Філімонаў, старшыня грамадскай арганізацыі „Экаманіторынг”:
– Падвоіць намаганні па, скажу гучна, выратаванні планеты і сябе ў тым ліку. Мы валодаем сучаснымі інструментамі, ведамі, тэхналогіямі для змагання з глабальнымі пагрозамі. Патрэбныя толькі жаданне і настойлівасць для рэалізацыі. Наша арганізацыя прымае практычны ўдзел ў вырашэнні лакальных экалагічных праблем. Мы прыбіраем у лясах, парках, праводзім аналізы вады, прыбіраем каля крыніц пітной вады для гараджан.
Акцыі па ачыстцы лясоў, паркаў можна праводзіць штодня. „Гэта можа зрабіць кожны”, – заўважае Яўген Філімонаў. Варта проста захацець, маці з вазком, якая пайшла на шпацыр з дзіцём, раварысту, ці бегуну, які выбраўся ў лес, узяць ворак і пальчаткі, сабраць смецце і выкінуць у кантэйнеры.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: greenbelarus.info
