Яўген Шабунька: “Вешаюць” адразу два артыкулы Крымінальнага кодэкса
На гарадзенца Яўгена Шабуньку розныя праваахоўныя органы “павесілі” за распаўсюд незарэгістраванага выдання “Гродненское Время” адразу некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Кажа Яўген Шабунька:
– Фактычна за перавоз незарэгістраваных у краіне перыядычных выданняў склалі пратакол. Пачалі яны мне “вешаць” артыкул 361 за спробу звяржэння канстытуцыйнага строю, за заклікі да гэтага і 342 артыкул. Некалі было такое, што ў мяне машына зламалася насупраць машыны амапаўцаў, і ў той жа дзень мяне АМАП “звінціў”, склалі пратакол. І вось цяпер, калі яны мяне затрымалі, яны мне нагадалі, што гэтыя дзеянні падпадаюць пад Крымінальны кодэкс, пад такі артыкул.
Некалькі дзён таму хлопца таксама затрымалі прадстаўнікі ГУБАЗІКа і прымушалі яго распавядаць пра іншых гарадзенцаў:
– Мяне арыштаваў ГУБАЗІК, надзелі кайданкі, адвезлі ў РАУС, склалі на мяне пратакол, потым пасадзілі асобна і пачалі казаць, што вось ты трапіўся. Зараз мы табе “прышыем” і гэта, і тое. Прышлі нейкія два дзядзькі, прынеслі мой тэлефон, паглядзелі яго і пачалі казаць, што я экстрэміст, далей узгадалі ўсе мае заслугі перад Радзімай і пачалі пагражаць.
Гарадзенец, які хвалюецца за сябе і сваю сям’ю, быў вымушаны з’ехаць у адну з еўрапейскіх краін, дзе ён будзе прасіць статус палітуцекача.
Беларускае Радыё Рацыя
