ЮНІСЕФ: У Беларусі трэба ўвесці забарону на фізічнае пакаранне дзяцей
У Беларусі трэба ўвесці заканадаўчую забарону на фізічнае пакаранне дзяцей, лічыць каардынатар праграмы „Абарона правоў дзяцей” Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Аляксандр Каранкевіч.
На сустрэчы з журналістамі 24 лютага ў Мінску ён паведаміў, што паводле вынікаў справаздачы Глабальнага даклада ЮНІСЕФ „Схаванае на вачах ва ўсіх” у свеце трое з дзесяці бацькоў лічаць фізічнае пакаранне неабходным пры выхаванні дзяцей.
„Другая справаздача шматіндыкатарнага кластарнага даследавання па ацэнцы становішча дзяцей і жанчын у Беларусі, якое правялі ЮНІСЕФ і Нацыянальны статыстычны камітэт, кажа пра тое, што 34,2% дзяцей ва ўзросце ад 2 да 14 гадоў зведваюць фізічнае пакаранне. У той жа час толькі 7,9% дарослых рэспандэнтаў лічаць, што дзяцей неабходна караць фізічна”, — адзначыў прадстаўнік ЮНІСЕФ.
Каранкевіч заявіў, што ў Беларусі трэба ўвесці заканадаўчую забарону на фізічнае пакаранне, як у многіх краінах, а для гэтага „спачатку трэба пераадолець традыцыйныя стэрэатыпныя ўстаноўкі грамадства”.
„У наяўнасці разуменне дарослымі праблемы, — сказаў ён. — Але ў той жа час меры пакарання, якія прымяняюцца да ўласнага дзіцяці, уваходзяць у супярэчнасць з поглядамі на метады выхавання. Вынікі даследавання кажуць, што 12,4% жанчын і 11,9% мужчын лічаць, што дамашняе насілле звязанае з традыцыямі паводзін, якія склаліся ў грамадстве”.
Загадчыца сектара аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Менгарвыканкама Зінаіда Вараб’ёва лічыць, што перш чым казаць пра дамашняе насілле ў адносінах да дзяцей, неабходна ў заканадаўстве ўстанавіць, „што такое насілле і паводле якіх крытэрыях яго вызначаць”.
Паводле слоў старшага выкладчыка кафедры псіхалогіі і кіравання Менскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларысы Мартынавай, за 2015 год былі пацверджаныя 1,5 тыс. паведамленняў у раённыя аддзелы адукацыі Менскай вобласці пра сітуацыі сямейнага недабрабыту дзяцей. „Аднак неабходна разумець, што менавіта стаіць за такімі паведамленнямі, правяраць іх, каб пазбегнуць перагібаў, — падкрэсліла яна. — Для гэтага праводзяцца расследаванні”.
Начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай працы і аховы дзяцінства Менадукацыі Маргарыта Мацвеенка паведаміла, што ў 2015 годзе адносна 27.128 дзяцей было прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў сям’і з уліку знятыя 16.359 дзяцей. Забраных з сем’яў 3.291 дзіця.
Сёння ў Беларусі дзейнічае сістэма дадатковага інфармавання. Пры 18 сацыяльна-педагагічных цэнтрах, якія працуюць у Беларусі, дзейнічаюць 111 аддзяленняў дзіцячых сацыяльных прытулкаў, куды кругласутачна па дапамогу можа звярнуцца любое дзіця.
БелаПАН
