Юрась Беленькі: Беларусы не трымаюцца за савецкія сімвалы



Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі-БНФ Юрась Беленькі распавядае, ці застаецца Беларусь “савецкай” краінай.

Не так даўно ў Польшчы дэпутаты Сейма ўхвалілі папраўкі ў закон аб забароне прапаганды камунізма альбо іншага таталітарнага строю ў назвах будынкаў і аб’ектаў. Тым часам, у Беларусі савецкае мінулае – на кожным кроку, і адмаўляцца ад яго ўлады не збіраюцца.

Юрась Беленькі: Я не лічу, што беларусы трымаюцца за савецкія сімвалы, бо не трэба блытаць людзей з палітычным рэжымам. А беларускі рэжым вытворны ад маскоўскага, і фактычна з’яўляецца выканаўцам палітычнай волі Крамля.  Тым часам, самі беларусы маюць больш еўрапейскую гісторыю і традыцыі ў адрозненні ад усходніх суседзяў, якія шмат гадоў жылі побач і маюць падобны менталітэт, але зараз рэалізуюць іншую палітыку.

РР:Мяркуеце, што маладая Беларусь ужо развіталася з савецкім мінулым?

Юрась Беленькі: Я веру, што калі б былі справядлівыя выбары, то беларусы выказаліся таксама, як украінцы, літоўцы альбо латышы. Можа быў бы нейкі працэнт карэкцыі з улікам таго, што на тэрыторыі Беларусі дастаткова людзей, якія яшчэ жывуць савецкім мінулым. Але, думаю, абсалютная большасць прагаласавала б у адпаведнасці з тым, як і мусіць быць для цывілізаванай нацыі, якая хоча дабра сабе і добрай будучыні. А камуністычная сімволіка – гэта ўжо мінулае. Сімвалы чалавеканенавісных рэжымаў не трэба ўслаўляць, іх трэба забыць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя