Юрась Беленькі: Нічога плаціць не збіраемся



Намеснік старшыні КХП-БНФ распавядае пра тое, ці трэба будзе плаціць за правядзенне шэсця і мітынгу на Дзяды.

Нагадаем, што традыцыйнае мемарыяльнае шэсце і мітынг, прысвечаныя Дню памяці продкаў Дзяды, пройдзе ў гэту нядзелю (3 лістапада). Арганізатарам мерапрыемства традыцыйна выступае КХП БНФ. Як вядома, ёсць пастанова Саўміна, якая рэгламентуе парадак аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюцца міліцыяй, і выдаткаў, звязаных з абслугоўваннем тэрыторый пасля правядзення масавага мерапрыемства. Ці не атрымаецца, што затым улады выставяць рахунак арганізатарам шэсця на Дзяды?

Юрась Беленькі: Мы не лічым гэтую пастанову тым нарматыўна-прававым актам, які абавязвае плаціць. Рашэнне павінен прыняць выканкам, і яно павінна грунтавацца на дзеючым заканадаўстве міжнароднага права. Мы ж праводзім не камерцыйнае мерапрыемства. Гэта абсурд – браць грошы за тое, што нехта вырашыў ушанаваць памяць продкаў. Хаця цудоўна разумею, што ўлады могуць ігнараваць дзеючае заканадаўства міжнароднага права і патрабаваць грошы нават за правядзенне такіх мерапрыемстваў. І ўлады разумеюць, што патрабаванні аб аплаце незаконныя, але не хочуць ад гэтага адыходзіць. Яны зацікаўлены, каб душыць апазіцыю праз велізарныя грашовыя выплаты.

РР: Вам могуць выставіць затым рахунак…

Юрась Беленькі: Я намеснік старшыні партыі і не магу дапусціць неабгрунтаваную выплату грашовых сродкаў. Гэта сур’ёзнае парушэнне. Таму зразумела, што нічога плаціць мы не будзем. Калі ўлады запатрабуюць грошы ў прымусовым парадку, то будзе апеляцыя ў АБСЕ. Паставім пытанне так: чаму дзяржава, якая ігнаруе падпісаны нормы і прынцыпы АБСЕ, з’яўляецца сябрам гэтай арганізацыі? Пабачым, як будзе разгортвацца сітуацыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]