Юрась Губарэвіч: Ніводнага дазволу на пікет мы не атрымалі



Менгарвыканкам не задаволіў ніводнай заяўкі на правядзенне пікетаў каля амбасады Расеі з патрабаваннем спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне. Усяго было пададзена каля 20 заявак, паведаміў намеснік старшыні «Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

– Ніводнага дазволу не было атрымана. Падставы для адмовы былі розныя. Часам досыць смешныя, як, скажам, перашкода руху транспарта, калі чалавек знаходзіцца непадалёк ад транспартнай магістралі, ад дарогі гарадской з пікетам. На думку гарвыканкама, гэта будзе адцягваць увагу кіроўцаў. Або пашкоджанне зялёнай зоны. У прынцыпе такія рэчы, якія, пры наяўнасці добрай волі з боку гарвыканкама, можна было б абыйсці і мерапрыемства правесці. Відавочна, што гэта палітычнае рашэнне, што ад пачатку гарвыканкам атрымаў загад не дазваляць такія пікеты, таму ніводнага дазволу мы не атрымалі.

Месяц таму рух «За Свабоду» выступіў з ініцыятывай арганізацыі «каруселі пікетаў», прапанаваўшы кожны дзень падаваць заяўкі на іх правядзенне. Па словах аднаго з яе арганізатараў, актывіста руху Арцёма Лявы, цяпер рыхтуюцца скаргі ў суд на адмову Менгарвыканкама ў правядзенні пікетаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя