Юрась Меляшкевіч: Цынізм улады ў Малінаўцы бязмежны!



Юрась Меляшкевіч, намеснік старшыні руху “За Свабоду”, што балатуецца ў 28-й Слабадской акрузе менскага мікрараёна Малінаўка, запатрабаваў ад уладаў аддаць у пажыццёвае валоданне ці даць магчымасць прыватызавацца жыхарам дома-інтэрната Міністэрства транспарту.

Там пражываюць дзясяткі яго пажылых супрацоўнікаў, якія могуць быць выкінутыя на вуліцу ў сувязі з заканчэннем кантракта альбо выхадам на пенсію.

– Малінаўка сапраўды спрэс сацыяльнае жытло. Трымалі яго бедныя слаі, неабароненыя. У выпадку з жыхарамі інтэрната з жахам уяўляю – чалавек пачаў працу “на міністэрства” ў 1982 годзе, калі я нарадзіўся толькі – і яму кажуць, што кантракт скончыўся і жытло, бо дзяржаўнае, у цябе будзе адабранае на карысць новых маладых супрацоўнікаў. А ты, маўляў, ідзі бамжуй ці едзь у кінутую вёску і заводзь гаспадарку на пустазеллі! І гэтая ўлада цынічна кажа пра сацыяльна арыентаваную дзяржаву! Тыя людзі, каторыя хочуць аддаць свой голас за перамены, за рэформы – яны прыйдуць і аддадуць свой голас!

У 90-я менавіта ў Малінаўцы шляхам сапраўды дэмакратычнага галасавання перамог сябар БНФ, кіраўнік фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы. У акрузе, дзе балатуецца Юрась Меляшкевіч, пражывае 23 тысячы чалавек.

Больш падрабязна пра іншыя акцыі Юрася – у далучаным гукавым файле:

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя