Юрась Меляшкевіч: Заяўку на акцыю 25 сакавіка адклікаем…



Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Меляшкевіч распавёў, чаму заяўнікі акцыі не збіраюцца ісці 24 сакавіка ў Менгарвыканкам.

Нагадаем, заяўнікі вулічнай акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі не змаглі своечасова — за пяць дзён — атрымаць адказ менскіх уладаў на сваю заяўку аб правядзенні мерапрыемства, паведаміў БелаПАН.

20 сакавіка у Менгарвыканкаме павінна была адбыцца сустрэча з заяўнікамі акцыі, аднак за некалькі гадзін да яе пачатку іх па тэлефоне праінфармавалі аб адмене перамоваў.

На працягу тыдня сустрэча пераносілася некалькі разоў. У чарговы раз заяўнікаў запрасілі ў Мінгарвыканкам на 17.00 24 сакавіка. Тым часам, пытанне таго, ці дазволяць гарадскія ўлады мерапрыемства, да гэтага часу застаецца без адказу.

Юрась Меляшкевіч: Дзяржаўныя органы па законе павінны былі нас праінфармаваць аб дазволе (забароне) мерапрыемства за пяць дзён да правядзення мерапрыемства – 20 сакавіка. Паколькі яны не выканалі свой абавязак, то мы вырашылі адклікаць заяўку. Будзем дзейнічаць па тым плане, што не так даўно прыняў аргкамітэт па святкаванні Дня волі.

РР: Чаму, на ваш погляд, гарадскія ўлады да гэтага часу не далі аніякі адказ?

Юрась Меляшкевіч: Я не маю адказ на гэтае пытанне, але дакладна ведаю адно – Мінгарвыканкам парушыў закон, і ў такім разу мы нават маем права звярнуцца са скаргай у пракуратуру аб неналежным выкананні службовых абавязкаў. У выпадку, калі нас праігнаравалі, будзем дзейнічаць на свой страх і рызыку.

РР: Адным словам, 24 сакавіка вы не збіраецеся ісці на сустрэчу ў Мінгарвыканкам?

Юрась Меляшкевіч: Мяркую, няма такой патрэбы. У гэтыя дні будуць адкліканы заяўкі, хаця, увогуле, сітуацыя – беспрэцэндэнтная. Адзін раз быццам бы згубілі заяўку, два разы пераносілі сустрэчы… Не даюць ніякага адказу – ні пісьмовага, ні вуснага. Здаецца, у гісторыі Беларусі яшчэ ні разу не было выпадку, каб улада так хавалася ад заяўнікаў напярэдадні Дня волі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя